Ёв, разьдзел 28
 
- Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
 - Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
 - Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
 - Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
 - Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
 - Камяні яе — месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
 - Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
 - не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
 - На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
 - у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
 - спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
 - Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
 - Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
 - Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
 - Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
 - Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
 - не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
 - А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
 - Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
 - Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
 - Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
 - Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
 - Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
 - Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
 - Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
 - калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
 - тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
 - і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха — розум.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |